ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ Я́МА ў фізіцы,

абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым па-за яе межамі. Тэрмін «П.я.» звязаны з выглядам графіка залежнасці патэнцыяльнай энергіі часціцы ад каардынат. Характарызуецца шырынёй (адлегласцю, на якой праяўляюцца сілы прыцяжэння) і глыбінёй (рознасцю патэнцыяльных энергій часціцы на «беразе» ямы і на яе «дне», якое адпавядае найменшай патэнцыяльнай энергіі). Асн. ўласцівасць — здольнасць утрымліваць часціцу, поўная энергія якой меншая за глыбіню П.я. Такая часціца ўнутры П.я. знаходзіцца ў звязаным стане, у квантавай тэорыі энергія такой часціцы можа прымаць толькі дыскрэтныя значэнні.

Патэнцыяльная яма: ε — поўная энергія часціцы, V0 — глыбіня патэнцыяльнай ямы.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)